Аўтарытарны рэжым у Беларусі – эвалюцыя палітычнага гвалту

Дадзены тэкст гэта гістарычна-паліталагічны аналіз прычын паўстання ў Беларусі (нэа)аўтарытарнага рэжыму, знешніх і ўнутраных фактараў яго кансалідацыі і эвалюцыі. Дзякуючы гэтаму агляду, можна прасачыць тыя палітычныя практыкі, якімі карысталася кіроўная група на працягу 27 год існавання недэмакратычнага рэжыму ў Беларусі, што дазваляе адказаць на пытанне, чаму Аляксандр Лукашэнка змог утрымацца на сваёй пасадзе не гледзячы на электаральную рэвалюцыю. Тут разглядаюцца асноўныя этапы, якія прайшла палітычная сістэма і грамадзянская супольнасці ад моманту прыходу Лукашэнкі да ўлады, да сённяшняга палітычнага крызісу. У тэксце звяртаецца ўвага на сур’езную прававую і інстытуцыянальную дэфармацыю ў Беларусі, пачаткі якой былі пакладзены рэферэндумамі 90-х у выніку чаго права (законы) пераўтварыліся ў інструмент палітычных рэпрэсій. Аўтарам уводзіцца паняцце неататалітарнай сістэмы, якая паўстала ў Беларусі ў выніку супрацьстаяння ў краіне, акрэсліваюцца яе адметныя рысы.

Павел Усаў

У 2020 годзе аўтарытарны рэжым у Беларусі сутыкнуўся з адным з самых глыбокіх і сур’езных палітычных крызісаў за ўсю гісторыю свайго існавання. Гэты крызіс быў справакаваны маштабнымі фальсіфікацыямі падчас прэзідэнцкіх выбараў, што прывяло не толькі да абвалу легітымнасці кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі, але пахіснула ўсю дзяржаўную і грамадскую сістэмы рэспублікі. Эфэкты ад крызісу будуць непазбежна ўплываць на сітуацыю ў Беларусі і вакол яе ўсе наступныя гады.

Не гледзячы на тое, што падзеі ў Беларусі ў 2020 годзе сталі для аўтарытарнай сістэмы даволі разбуральнымі і выдавалася, што рэжым Лукашэнкі неўзабаве падзе, тым не менш, яна здолела вытрываць, рэкансалідавацца і на дадзеным этапе нейтралізаваць найбольш выразныя ўнутраныя пагрозы. Больш таго радыкальным чынам змянілася яе палітычная структура і спецыфіка функцыянавання.

Культурна-палітычныя асновы аўтарытарнай улады ў Беларусі

Прычына такой жыццяздольнасці аўтарытарнага рэжыму ляжыць у яго прыродзе і культурна-палітычных умовах паўстання дыктатуры ў Беларусі, якая трывае вось ужо 27 год.

За гэты перыяд, недэмакратычнае праўленне Лукашэнка перажыла некалькі буйных трансфармацый. Ад гібрыднага [1], яно перарадзілася ў нэататалітарную[2]. Спецыфіка функцыянавання нэататалітарнай сістэмы базіруецца на поўнамаштабным палітычным тэроры, мэта якога знішчэнне ідэалагічнай, культурнай, інфармацыйнай і арганізацыйнай аўтаноміі грамадства дзеля ўтрымання ўлады, у выніку страты сацыяльнай падтрымкі для дзейснага кіраўніцтва. Адразу трэба зазначыць, што фальсіфікацыі і рэпрэсіі заўсёды былі ключавымі інструментамі палітычнага кіравання Лукашэнка, як і любога іншага аўтарытарнага рэжыму. Факты фальсіфікацый пад час прэзідэнцкіх кампаній у 2006 і 2010 годзе прыводзілі да пратэстаў з якімі ўлады распраўляліся даволі жорстка. Адзіная розніца заключалася толькі ў тым, што ў папярэднія выбарчыя перыяды беларуская аўтарытарная сістэма не сутыкнулася з дэфіцытам легітымнасці і шырокага непрыняцця асобы кіраўніка. З аднаго боку, гэтыя фактары спарадзілі глыбокі палітычны крызіс, а з іншага, прымусілі кіроўны клас да выкарыстання несуразмерна маштабных рэпрэсій і палітыкі адкрытага тэрору па ўсей краіне. Мэтай апошняга з’яўляецца абсалютная ліквідацыя “апазіцыйнасці” як элементу палітычнага жыцця ў краіне і змушэнне насельніцтва да безумоўнага падпарадкавання.
Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў той момант, калі беларуская грамадства толькі толькі ўваходзіла ў перыяд дэмакратычнай трансфармацыі дзяржавы. Ад абвяшчэння незалежнасці ў 1991 году, да першых прэзідэнцкіх выбараў у 1994 мінула ледзьве 3 гады. Перад гэтым на працягу некалькіх стагоддзяў тэрыторыя сённяшняй Беларусі і яе насельніцтва знаходзіліся ў аўтарытарна-таталітарных сістэмах, без уласнай поўнавартаснай дзяржаўнасці і палітычнай традыцыі, без індывідуальнай эканамічнай і палітычнай свабоды. 

Іншымі словамі беларусы не мелі паспяховага гістарычнага досведу ўласнай грамадскай незалежнасці і дзяржаўнасці. У большасці насельніцтва Беларусі заставалася аб’ектам, (прадметам палітыкі), а не палітычным суб’ектам.

Прадметнасць грамадства стварала перадумовы да лёгкай маніпуляцыі, не толькі з грамадскай апініяй, але і з дзяржаўнымі інстытутамі і законамі краіны, бо апошнія не маглі мець ніякай каштоўнасці для тых хто быў выключна пасіўным прадметам палітыкі. Такая сітуацыя адпаведна прывяла да хуткіх і негатыўных перамен унутры краіны ў бок аўтарытарызму ў сярэдзіне 90-х., гадоў.

Гібрыднасць палітычных працэсаў у Беларусі заключалася ў тым, што працэс пабудовы дэмакратычных інстытутаў адбываўся пры наяўнасці моцна патрыярхальнага, прасавецкага, аўтарытарнага ўкладу палітычнай свядомасці і палітычнай культуры значанай часткі беларускага грамадства. А ў такіх умовах, трываласць і эфектыўнасць саміх палітычных дэмакратычных інстытутаў, які і індывідуальных свабодаў (правоў) заўсёды будзе пад пытаннем. Таксама трэба ўлічваць, што інстытуцыянальная і сацыяльная трансфармацыя праходзіла ў перыяд цяжкіх эканамічных трансфармацый. Гэта не магло не адбіцца на чаканнях і светапоглядзе простых грамадзян, для якіх дэмакратыя і свабода, на вялікі жаль, сталіся сінонімамі сацыяльнага хаосу і безуладдзя. Нават сёння Лукашэнка спрабуе маніпуліраваць сацыяльнай памяццю і пужаць беларусаў “90-мі”, рысуючы сцэны як з апакаліпсісу. “Віктар Шэйман (Кіраўнік справамі Прэзідэнта Беларусі . – Белта), памятае яшчэ і тыя часы, калі хлеба не было і ўвогуле і карміць людзей не было чым. Я часта прыводжу прыклад, што ў 1994 годзе на тры дні ў Менску заставалася мукі, каб хлеб напячы. Гэта сапраўды былі страшныя часы” [3]. Гэтымі, ды іншымі словамі дыктатар і прапагандысцкая машына намагаюцца апраўдаць існаванне моцнай аўтарытарнай улады, як адзіную ўмову, якая гарантуе стабільнасць і захаванасці дзяржавы, з прычыны таго, што самі беларусы не могуць карыстацца свабодай.

Але вернемся да пачаткаў фарміравання дыктатуры, выбараў 1994 году. Фактычна ўся перадвыбарчая праграма Лукашэнка будавалася на непрыкрытым папулізме, абяцаннях вярнуць беларусаў да сацыялістычнага раю, светлага мінулага.

Папулізм, жорсткая крытыка старой камуністычнай наменклатуры, прасавецкасць і прарасейскасць з відавочнымі антынацыянальнымі поглядамі, сталі ключавымі перадумовамі прыходу Лукашэнка да ўлады. У некаторай ступені, ён быў прадуктам патрыярхальнага ўкладу свядомасці беларускага грамадства, якое чакала моцнай рукі, моцнай дзяржавы і марыла пра парадак. «Грамадства патрабавала навядзенне парадку ў тым сэнсе, у якім ён існаваў у Савецкім Саюзе”. Парадак, справядлівасць – былі тымі міфалагемамі, якія ўцягвалі беларусаў у працэс адмаўлення ад свабоды і дэмакратыі, да забудавання аўтарытарнай дзяржавы, якая павінна была гарантаваць парадак. Беларуская грамадства самое стала трамплінам для палітычнай дыктатуры.

Кансалідацыя новага аўтарытарызму ў Беларусі: практыкі і метады барацьбы за ўладу

Пасля сваёй, даволі паказальнай перамогі (у другім туры ён набраў 80%), Лукашэнка пачаў разбудоўваць папулістычную базу для дэмантажу дэмакратычных механізмаў у Беларусі. Гэтаму спрыялі не толькі настроі ў грамадстве, але наяўнасць шырокага прадстаўніцтва посткамуністычнай наменклатуры ва ўсіх ворганах улады, якая даволі хутка пераарыентавалася на абслугоўванне інтарэсаў прэзідэнта. На першым этапе, галоўным інструментам захопу ўлады ў Беларусі былі рэферэндумы 1995 і 1996 гадоў, якія змянілі канстытуцыйны лад краіны і надзялялі прэзідэнта Лукашэнка неабмежаванымі паўнамоцтвамі.

Для Лукашэнкі і ягонага атачэннярэферэндум 1995 году, быў свайго роду палітычнай ацэнкай сітуацыі.  Праверкай таго, наколькі грамадства, інтэлектуальныя эліты іншыя палітычныя інстытуты (парламент, Канстытуцыйны суд) будуць здольныя разгледзіць небяспеку і абараніцца перад спробамі захапіць уладу. Лукашэнка прапанаваў грамадству 4 пытання: наданне расейскай мовы статусу дзяржаўнай, змена дзяржаўнай сімволікі (вяртанне эклектычнай сімволікі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі), эканамічная інтэграцыя з Расейскай Федэрацыяй і наданне прэзідэнту магчымасцяў распусціць парламент.

Савецкі дух, адсутнасць моцнай нацыянальнай эліты, палітычная нязрэласць беларускага грамадства расчынілі для Лукашэнкі дзверы да абсалютнай улады. Бальшыня Вярхоўнай Рады Рэспублікі Беларусь (парламент) падтрымала ініцыятыву прэзідэнта, у сваю чаргу бальшыня беларускіх грамадзян падтрымала ўсе прапановы прэзідэнта. Пачалося імклівае скатванне краіны да аўтарытарызму.

Варта таксама звярнуць увагу на іншы аспект працэсу фарміравання дыктатуры ў Беларусі, гэта воля да ўлады з боку самога Лукашэнкі. Менавіта гэты аспект гуляў лесавызначальную ролю ў самыя крытычныя моманты сучаснай беларускай гісторыі.  Амаль ад першага моманту прэзідэнцтва ўлада сталася для Лукашэнка найвышэйшай каштоўнасцю ў абароне якой ён не спыняўся ні перад чым [4]. Гвалт і вынішчэнне палітычных апанентаў сталі неад’емнай часткай захавання дыктатара. Яшчэ ў 1995 годзе, калі група дэпутатаў Беларускай Народнай Партыі на чале з Зянонам Пазняком і Беларускай Сацыял-дэмакратычнай грамада на чале з Алегам Трусавым выступілі супраць правядзення рэферэндуму, абвесілі галадоўку і засталіся на ноч з 11 на 12 красавіка 1995 году ў будынку Парламента. Па непасрэднаму загаду Лукашэнкі ягоная служба бяспекі і АМАП, парушаючы ўсе законы і імунітэт дэпутату, збілі і выкінулі дэпутатаў з залі пасяджэнняў [5].

Абсалютнай пасіўнасць Вярхоўнай Рады, іншых канстытуцыйных (пракуратуры) ворганаў, а таксама грамадства ў дадзеным інцыдэнце з дэпутатамі прыдалі Лукашэнку псіхалагічнай моцы і ўпэўненасці ў сваіх дзеяннях. Таксама, як аказалася ў ягоным атачэнні былі людзі, гатовыя выканаць любы злачынны загад.

Практычна ў гэты час пачалося фарміраванне фармальна мілітарных груп, якія выкарыстоўваліся Лукашэнкам дзеля вырашэння ўласных палітычных мэтаў. Варта звярнуць увагу, што дзейнасць гэтых груп (АМАП, Служба бяспекі) распачалася год пасля таго, як Лукашэнка прыйшоў да ўлады. Таму, не павінна выклікаць здзіўленне адкрытая тэрарыстычная дзейнасць гэтых структур у 2020-2021 годзе. Сістэма рэпрэсій функцыянавала ў Беларусі гадамі.

Рэферэндум 1996 году стаў другім пераломным момантам у працэсе пабудовы аўтарытарнага ладу ў Беларусі. Рашэнне Лукашэнкі аб правядзенні другога плебісцыту стала глыбокая канфрантацыя паміж ім і новаабранай Вярхоўнай Радай ХІІІ склікання, дэпутаты якой даволі крытычна ставіліся да ініцыятыў тагачаснага прэзідэнта. Менавіта таму на рэферэндум былі вынесены пытанні звязаныя са зменамі ў канстытуцыі, але ў рэчаіснасці гэта быў праект новай канстытуцыі, які надаваў прэзідэнту неабмежаваныя паўнамоцтвы. Крокі Лукашэнкі прывялі да сур’езнага палітычнага крызісу ў краіне, а дэпутаты парламента ў сваю чаргу 19 лістапада 1996 года накіравалі ў Канстытуцыйны суд зварот пра пачатак працэдуры адхілення Аляксандра Лукашэнкі з пасады прэзідэнта ў сувязі з сістэматычным парушэннем норм Канстытуцыі і законаў Рэспублікі Беларусь [6]. На працягу 1995 і 1996 гадоў КС прызнаў, што 16 указаў прэзідэнта нязгодны з Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Беларусь [8].

Абвастрэнне ўзнікла на падставе таго, што прэзідэнт настойваў на тым, што рашэнні рэферэндуму будуць мець абавязковы характар, то бок, новая канстытуцыя, а значыцца новы палітычны лад, становіцца рэчаіснасцю адразу пасля правядзенне народнага галасавання. З гэтым не мог пагадзіцца беларускі парламент, ды іншыя палітычныя суб’екты.

У гэты гістарычны пераломны момант для краіны і грамадства ключовую ролю згулялі наступныя фактары якія дазволілі Лукашэнка рэалізаваць свае намеры:
а). Моцная палітычная воля і рашучасць самога Лукашэнкі;

б). Слабасць, недахоп палітычнай волі, лідарства і адказнасці, а таксама арганізаванасці з боку ягоных апанентаў, якія не здолелі выступіць адзіным фронтам, пры тым, што ў Менску распачаліся акцыі пратэстаў і частка грамадства было гатова бараніць канстытуцыю. Замест таго, каб змагацца за адмену рэферэндуму на самым яго пачатку, дэпутаты Вярхоўнай Рады прапанавалі свае альтэрнатыўныя пытанні, такім чынам, узмацніўшы легітымнасць лукашэнкаўскага палітычнага праекту;

в). Спадзяванні на Маскву ў пытаннях вырашэння палітычнага крызісу.

У некаторай ступені гэтыя працэсы, псіхалагічныя асаблівасці палітычных суб’ектаў мелі месца ў перыяд палітычнага крызісу ў Беларусі ў 2020 годзе.

У 1996 годзе, посткамуністычная наменклатура, якая знаходзілася ў Вярхоўнай Радзе ды іншых уладных структурах не хапіла мужнасці і волі спыніць Лукашэнка. Як адзначаў тагачасны палітычны дзеяч дэпутат Мечыслаў Грыб «Мы былі на мяжы грамадзянскай вайны, мы так блізка не набліжаліся да гэтага ніколі. Ён (Лукашэнка) безумоўна не здаў бы ўладу”. Было б збройнае супрацьстаянне» [9]. Гэтыя словы, хутчэй можна тлумачыць як спробу самаапраўдання за бязволле і ўласную слабасць. Лукашэнка не меў у той час ніякіх рэсурсаў для таго, каб сілай утрымацца пры ўладзе. Дзеянні Вярхоўнай Рады былі з большага механічнай рэакцыяй на палітыку Лукашэнка, абарончымі інстынктамі. Палітыкі якія ніколі не стаялі перад такімі жорсткімі выклікамі, спадзяваліся на тое, што сітуацыя вырашыцца сама сабой. Іншым палітычным самападманам быў спадзеў на Маскву.

Дзеля вырашэння палітычнага крызісу ў лістападзе 1996 году ў Менск прыбыла высокая дэлегацыя расейскіх палітыкаў на чале з тагачасным прэм’ер-міністрам РФ Віктарам Чарнамырдзіным. За йх пасрэдніцтвам 22 лістапад 1996 году  паміж спікерам Вярхоўнай Рады Сяменам Шарэцкім і прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнка было падпісана пагадненне «Аб грамадска-палітычнай сітуацыі і канстытуцыйнай рэформе ў Рэспубліцы Беларусь». На моцы гэтага пагаднення дэпутаты абавязваліся спыніць працэдуру імпічменту, а Лукашэнка пагаджаўся з выключна кансультацыйным характарам рэферэндуму.

Тым не менш, Лукашэнка выкарыстаў перамовы і пагадненне выключна для змяншэння градусу грамадскай напружанасці, дэзарыентацыі сваіх сапернікаў і мабілізацыі сваіх рэсурсаў. Ён не толькі змог правесці рэферэндум з патрэбнымі для сябе вынікамі (за прэзідэнцкі праект канстытуцыі прагаласавала 70% грамадзян) пры дапамозе наўпроставых фальсіфікацый і маніпуляцый, але імкліва ўвесці новую канстытуцыю ў жыццё.

Акрамя таго, што ў краіне ўсталявалася новая сістэма ўлады і кіравання, таксама з новай канстытуцыяй абнуляўся прэзідэнцкі тэрмін Лукашэнкі і наступныя выбары павінны былі адбыцца не ў 1999 годзе, а ў 2001. 

Увядзенне ў жыццё “новай канстытуцыі” не сустрэла моцнага супраціву з боку грамадства большасць якога прыхільна ставілася за ідэі „моцнай рукі”, альбо здалёк ад палітыкі, было пасіўным і клапацілася пра эканамічнае выжыванне.

Рэферэндум 1996 годзе ў лічыцца антыканстытуцыйным пераваротам, які здзейсніў Лукашэнка. Фармальна, пасля 1996 году ягоная дзейнасці і дзейнасць палітычных ворганаў лічыцца незаконнай.

З рэалізацыяй вынікаў рэферэндуму завершыўся першы этап фарміравання аўтарытарнай сістэмы ў Беларусі, а менавіта кансалідацыя ўлады ў руках Лукашэнка. Другі этап уключаў у сябе працэс інстытуцыялізацыі аўтарытарнай сістэмы, які ўключаў у сябе стварэнне і ўмацаванне інстытутаў легітымацыі і стабілізацыі аўтарытарнага рэжыму, з аднаго боку, і разбурэнне тых палітычных і грамадскіх інстытутаў, якія б маглі дэстабілізаваць уладу Лукашэнкі. Гэты працэс уключаў у сябе і фізічную ліквідацыю палітычных апанентаў рэжыму.

Аўтарытарнай інстытуцыялізацыя дзяржавы і грамадства

Працэс інстытуцыялізацыі адбываўся аўтарытарнай сістэмы адбываўся з 1996 па 2004 год. У краіне ўводзілася прамое прэзідэнцкае кіраванне. Ягоныя дэкрэты і ўказы мелі статус закона і не патрабавалі падтрымкі з боку парламента (Нацыянальнага сходу), які стаў цалкам фармальным ворганам, які не ўплываў на палітычныя працэсы ў краіне. Лукашэнка атрымаў магчымасць прызначаць кіраўнікоў гарадскіх і абласных выканаўчых камітэтаў, цалкам абмежаваўшы аўтаномію мясцовых вораганаў улады. Утварылася моцная, цэнтралізаваная прэзідэнцкая вертыкаль, што стала галоўным рэсурсам не толькі ў арганізацыі электаральных кампаній з дасягненнем патрэбных вынікаў, але таксама і ў барацьбе з апазіцыйным рухам у Беларусі. Інстытуцыялізацыя аўтарытарнай сістэмы забяспечвала ўнутраную лаяльнасць і мабілізацыю наменклатуры, а таксама была галоўнай умовай трываласці рыжэму ў часы крызісу. Менавіта гэты фактар, разам з сілавым кампанентам згуляў важную ролю ва ўтрыманні ўлады Лукашэнкам у 2020 годзе.

Аўтарытарная інстытуцыялізацыя ўключае ў сябе абсалютнае падпарадкаванне судовай сістэмы і пераўтварэнне яе ў механізм палітычных рэпрэсій, а таксама адбываецца стварэнне квазі-грамадскіх структур і арганізацый, якія павінны падтрымліваць легітымнасць улады і забяспечваць ідэалагічнае ўздзеянне на асобныя сацыяльныя групы.

Калі казаць пра квазі-грамадскія арганізацыі, то варта звярнуць увагу на функцыянавання наступных з йх:

  • Беларуская піянерская Арганізацыя. Функцыяную ў структурах сярэдняй школы, сяброўства (каля 400 тыс., чальцоў да 2020 году) у арганізацыі фактычна абавязковае і займаецца ідэалагічным і патрыятычным выхаваннем школьнікаў.

  • Беларускі Рэспубліканскі Саюз Моладзі. Адпаведнік Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюзу Моладзі. Да 2020 году налічвала каля 500 тыс., чалавек., сяброўства ў арганізацыі фактычна абавязковае. Занімалася ідэалагічнай апрацоўкай сабраў, удзельнічала ў суправаджэнні выбарчых працэсаў;

  • квазі-партыйная арганізацыя Белая Русь, да 2020 году налічвала каля 100 тыс., чалавек.

  • – функцыянаванне дзяржаўнай Федэрацыі Прафсаюзаў Беларусі, які ахоплівае амаль усіх працоўных дзяржаўнага сектару гаспадаркі.
    Неабходна адзначыць, што дзейнасць незалежных структур і арганізацый у дзяржаўных інстытутах Беларусі (універсітэты, прадпрыемствы і г.д.) забаронена.

Наступным крокам у стварэнні інстытутаў дзеля ўнутранай стабілізацыі сістэмы і пашыранага кантролю было развіццё і ўвядзенне так званай “Ідэалогіі беларускай дзяржавы” пачынаючы з 2001 году. Гэта была рэакцыя ўладаў на прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, якія хоць і не прывялі да палітычнага крызісу ў краіне, але былі даволі моцным выкліках для Лукашэнкі. Для яго стала зразумелым, што без глыбокай структурнай чысткі, шырокага палітычнага і ідэйнага падпарадкавання грамадства, аўтарытарная сістэма не будзе жыццяздольнай.

Самае хуткае і простае, што мог зрабіць Лукашэнка – гэта вярнуцца да палітычных практык Савецкага Саюза. Дакладнага навуковага акрэслення таго, чым есць ідэалогія беларускай дзяржавы даць вельмі цяжка. Афіцыйныя навукоўцы характарызуюць гэтую канцэпцыю наступным чынам: “Ідэалогія беларускай дзяржавы – гэта сукупнасць ідэй і ідэалаў, якія адлюстроўваюць нацыянальна-гістарычныя традыцыі і каштоўнасці беларускага народу, акрэсліваюць асноўныя мэты сучаснага развіцца беларускага грамадства. Дзяржаўная ідэалогія прызваная садзейнічаць устойліваму сацыяльна-эканамічныму і духоўнаму развіццю Рэспублікі Беларусь, умацавання грамадзянскай згоды” [9].

За комплексам тэорый і гістарычных экскурсаў дзяржаўная ідэалогія трансліруе толькі адну важную думку: палітычная сістэма, пабудаваная Лукашэнка з’яўляецца асноўнай умовай стабільнага існавання насельніцтва. На працягу амаль 20 год, беларусаў намагаліся пераканаць, што без Лукашэнка краіна перастане існаваць.

Ідэалогія беларуская дзяржавы была ўведзена для абавязковага вывучэння ва ўніверсітэтах, ды іншых вучэбных установах, а ідэалагічная вертыкаль стала дадатковым кампанентам палітычнага і адміністрацыйнага кантролю не толькі ў сферы адміністрацыі і кіравання, але ва ўсіх дзяржаўных структурах, уключна з дзяржаўным прадпрыемствамі. Канешне ў сучасным грамадстве даволі цяжка змусіць насельніцтва да бяздумнага ўспрыняцця нейкіх ідэалагічных пасылаў, аднак асноўнай мэтай «ідэалагічных практык» было фарміраванне абсалютнай паслухмянасці і бездакорнага выканання нават самых абсурдных загадаў.

Не гледзячы на крызіс 2020 году, нельга сказаць, што дзейнасць прадзяржаўных квазі-грамадзянскіх структур, функцыянаванне ідэалогіі і прапаганды не прынесла эфектаў. Сацыяльная атамізацыя, адсутнасць групавой і прафесійнай салідарнасці, грамадзянская пасіўнасць сталі адной з галоўных прычын таго, што пратэсты і забастоўкі 2020 года не сталі агульнанацыянальнымі, а сістэма вытрымала моцны палітычны ўдар. Бо без адданасці і лаяльнасці тых людзей, які абслугоўвалі рэжым у цэнтры і рэгіёнах, а гэта тысячы людзей, рэалізацыя палітыкі тэрору, чыстак сёння была б немагчыма.

У сваю чаргу, прапаганда, ідэалагічныя маніпуляцыі, адміністрацыйны кантроль стваралі пэўную палітычную абалонку для правядзення сістэмных рэпрэсій супраць апанентаў улады. У рэалізацыі палітычных рэпрэсій задзейнічаны вялізарны сілавы апарат: Камітэт Дзяржаўнай Бяспекі, Міністэрства Ўнутраных Справаў (Атрад Міліцыя Асобага Прызначэння (АМАП), Галоўнае Ўпраўленне па Барацьбе з Арганізаваная Злачыннасцю і Карупцыяй (ГУБАЗіК), спецыяльныя атрытэрарыстычныя адзінкі напр., “Алмаз”), Унутраныя Войскі, Служба бяспекі прэзідэнта. Гэта так званы непасрэдны сілавы апарат, наўпрост удзельнічае ў фізічнай расправе над апанентамі. Следчы Камітэт, Пракуратура, Суды – ствараюць “прававую абалонку” для ажыццяўлення рэпрэсій. Ў 2020 годзе больш інтэнсіўнага забяспячвання палітыкі тэрору было падключана Міністэрства Абароны і яго адмысловая структуры Сілы Спецыяльных Аперацый. У той ці іншай ступені рэпрэсіўны апарат аўтарытарнага рэжыму можа складаць больш за 200 тыс., чалавека.

У самыя крытычныя моманты свайго палітычнага існавання Лукашэнка прыбягаў да брутальных метадаў палітычнага гвалту, пачынаючы забойствамі, заканчваючы судовымі палітычнымі працэсамі.

В 1999 годзе па загаду Лукашэнка былі ліквідаваныя ключавыя апаненты, якія сваёй дзейнасцю неслі непасрэдную пагрозу ўладзе Лукашэнка: Віктар Ганчар (былы паплечнік А. Лукашэнка, кіраўнік ЦВК да 1996 году, адзін з ініцыятараў імпічменту), Анатоль Красоўскі (бізнесмен, паплечнік В. Ганчара), Юры Захаранка (былы паплечнік Лукашэнка, да 1996 году Міністр Унутраных Справаў РБ). Непасрэдна рэалізацыяй плану па выкраданню і забойствах палітыкаў займаліся байцы Спецыяльнага Атраду Хуткага Рэагавання (СОБР) і антытэрарыстычнай групы “Алмаз”, на чале з кіраўніком СОБРу Зміцерам Паўлючэнка.

У тым жа 1999 годзе пры даволі загадкавых абставінах (інсульт) памер Генадзь Карпенка, акадэмік, дэпутат, адзін з ключовых палітычных апанентаў Лукашэнка.

Фактычна з канца 90-хб пачатку 2000-х адбываецца хуткая трансфармацыя судовай сістэмы, якая становіцца адным з элементаў рэалізацыі палітычных рэпрэсій у краіне. Права ў Беларусі, як механізм абароны грамадзяніна перад дзяржавай перастае існаваць, асабліва калі гутарка ідзе пра палітычную складаючую, права, разам з усей судовай сістэмай пераўтварылася ў інтэгральную частку аўтарытарнага рэжыму.

Першыя гучныя палітычныя працэсы пачаліся пасля прэзідэнцкіх выбараў 2001 году.
Агульна, кожныя выбары прыводзілі да новай хвалі рэпрэсій і ўзмацнення аўтарытарнага кіравання. Законы і судовая сістэма станавілася больш рэпрэсіўнымі. Асабліва востра рэпрэсіі закраналі тых, хто сыходзіў ад Лукашэнка і пачынаў дзейнічаць супраць яго. З аднаго боку Лукашэнка ўспрымаў такія крокі як непасрэдную здраду людзе, хто нібы быў абавязаны яму кар’ерай, з іншага паказальная расправа над непакорнымі прадстаўнікамі вышэйшай наменклатуры павінна была змусіць пазасталых функцыянераў апарату да поўнай лаяльнасці і падпарадкавання.

У 1999 годзе быў арыштаваны, а ў 2001 асуджаны былы прэм’ер-міністра Міхаіл Чыгір. Пасля канстытуцыйнага перавароту 1996 годзе ён сышоў з пасады і далучыўся да апазіцыі. У 16 траўня 1999 году Чыгір удзельнічаў як адзін з кандыдатаў у альтэрнатыўных выбарах Прэзідэнта (яны павінны былі адбыцца ў гэтым годзе паводле канстытуцыі 1994 году), якія арганізаваў Віктар Ганчар. У тым жа годзе адбыўся палітычна матываваны суд над былым міністрам сельскай гаспадаркі Сяргеем Лявонавым, якога абвінавацілі ў карупцыі і асудзілі да 4 гадоў зняволення. Гэта таксама была паказальная расправа над палітычным апанентам з ліку наменклатуры з мэтай змусіць кіроўны апарат да лаяльнасці Лукашэнка. Падобныя дзеянні сталіся натуральнай практыкай у рэалізацыі ўнутранай палітыкі Лукашэнкі. У момант, як толькі асоба з атачэння Лукашэнка (палітык, ці бізнесмен) пачынае дзейнічаць насуперак інтарэсам, ці чаканням кіраўніка краіны, яго чакае хуткае расправа. Адным з самых яскравых прыкладаў – гэта лес Юрыя Чыжа, які доўгія гады быў блізкім да Лукашэнкі буйным бізнесменам. У 2016 годзе ён быў арыштаваны КДБ, а ягоны бізнес цалкам знішчаны. Адна з версій прычын рэпрэсій у дачыненні да яго – спроба вывесці капіталы з Беларусі. У чарговы раз Чыжа затрымалі ў кастрычніку 2021 году [10].

Сярод іншых палітычных дзеячаў, якія трапілі пад судовы пераслед рэжыму Лукашэнка ў канцы 90-х, пачатку 2000-х можна назваць Андрэя Клімава, Міхаіла Марыніча, Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца) У наступных гадах колькасць палітычных зняволеных інтэнсіўна павялічвалася. Канфрантацыя сістэмы з грамадствам пад час выбараў, ці іншых палітычных крызісаў заўсёды прыводзіла не толькі да ўзмацнення рэпрэсій, але і да звужэння прасторы і пагаршэння ўмоў функцыянавання грамадскай супольнасці. У сваю чаргу, крымінальны і адміністрацыйны кодэксы рэспублікі ўсе больш і больш палітызаваліся.
Пераломным у гэтым сэнсе стаўся 2006 год у якім адбыліся чарговыя прэзідэнцкія выбары, якія прывялі да масавых пратэстаў і супрацьстаяння ў Менску. У перыяд самой прэзідэнцкай кампаніі і сакавіцкіх падзей было затрымана і асуджана каля 1000 чалавек, шмат з йх былі адмыслова збіты міліцыяй. Звыш 300 студэнтаў было выключана з розных ВНУ Беларусі
[11].

У выніку быў затрыманы і асуджаны на 5 год вязніцы Аляксандр Казулін, былы рэктар Беларускага Дзяржаўнага Ўніверсітэту, кандыдат на пасаду прэзідэнта.

У гэтым жа годзе былі ўнесены змены ў крымінальны кодэкс з мэтай цалкам паралізаваць дзейнасць небяспечных для сістэмы грамадскіх і палітычных арганізацый.

Так у КК быў уведзены артыкул 193.1 “Незаконная арганізацыя дзейнасці грамадзянскага аб’ядання, рэлігійнай арганізацыі, альбо фонду”. Удзел у іх дзейнасці прадугледжваў зняволенне ад 6 месяцаў да 3 год”.

Артыкул 293 Крымінальнага кодэксу, “Падрыхтоўка асоб да ўдзелу ў масавых беспарадках і фінансаванне падобных дзеянняў”. Пазбаўленне свабоды ад 6 месяцаў да 3 год.

Артыкул 361. “Прызыў да захопу дзяржаўнай улады”, пакаранне ад 6 месяцаў да 3 год зняволення.

Артыкул 369.1. “Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь, перадача замежнай дзяржаве, замежнай ці міжнароднай арганізацыі непраўдзівых звестак пра палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае, ваеннае і міжнароднае становішча Рэспублікі Беларусь, якія дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусі ці ворганы ўлады”. Пакаранне ад 6 месяцаў да 2 год зняволення.

Усе гэтыя меры павінны былі садзейнічаць узмацненню псіхалагічнага і палітычнага ціску ў краіне, але ў значнай ступені былі накіраваны супраць беларускай апазіцыі.

На працягу 2006 году па артыкуле 193-1. (Дзейнасць незарэгістраванай арганізацыі) былі асуджаны некалькі чалавек. На 1.5 гады зняволення быў асуджаны кіраўнік апазіцыйнай моладзевай арганізацыі “Малады Фронт”, Зміцер Дашкевіч.

Пад час прэзідэнцкіх выбарах 2010 году сітуацыя паўтарылася. Намаганні беларускага грамадства дэмакратычным шляхам змяніць палітычны лад сутыкнуліся з масавымі рэпрэсіямі [12].

У дзень галасавання і наступны перыяд было затрымана звыш 700 чалавек, затрыманы і збіты амаль усе апазіцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты. Пад крымінальны пераслед трапілі 38 чалавек, у тым ліку 5 былых кандыдатаў. Беларускае грамадства ўвайшло ў перыяд палітычнага тэрору, які з меншай ці большай інтэнсіўнасцю доўжыўся да 2014 году, калі падзеі ва Украіне змянілі стаўленне да рэжыму Лукашэнкі з боку Захаду і мадыфікавалі ўнутраную палітыку беларускіх уладаў.

Але ні “дыялог з Захадам”, ні адліга не змянілі ўнутранай структуры палітычнай сістэмы, ні характару рэалізацыі палітыкі праз Лукашэнка. Сістэма заставалася жорсткай і рэпрэсіўнай, а дзейнасць Лукашэнка не перастала быць брутальнай. Гэта праявілася пад час крызісу выкліканага дэкрэтам Лукашэнка № 3 Дэкрэт аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства.

У сваю чаргу пасля рэпрэсій і метадычнага знішчэння грамадскай актыўнасці беларуская апазіцыя ўжо не ўяўляла ніякай сур’езнай пагрозы для ўлады. Сістэмны крызіс унутры палітычных структур іх імклівая дэградацыя, спрыялі таму, што ўлады эфектыўна выкарыстоўвалі йх у сваіх мэтах. Менавіта так адбылося ў 2015 годзе пад час прэзідэнцкіх выбраў, і ў 2020 годзе, калі апазіцыйныя партыі і арганізацыі зладзілі “Праймерыз”. Гэтая ініцыятыва прадэманстравала абсалютнае бяссілле беларускай апазіцыі ў у некаторым сэнсе яе палітычную смерць.

З іншага боку ілюзія дэмакратызацыі, пашырэнне прасторы для грамадскай актыўнасці прывяло да ўпэўнінасці часткі грамадства ў тым, што есць магчымасць для рэалізацыі палітычных перамен. Гэтыя чаканні ўзмоцніліся з нечаканым паяўленнем новых палітычных гульцоў: Віктара Бабарыка, Сяргея Ціханоўскага, Валера Цапкала.

Мілітарызацыя палітычнай сістэмы і ўвядзенне механізмаў (нэа)таталітарнага кантролю

Энтузіязм і натхнёнасць беларусаў у 2020 годзе сутыкнулася з добра зарганізаванай і функцыянальнай сістэмай, жорсткай палітычнай воляй дыктатара, які без ваганняў выкарыстаў усе магчымыя сродкі барацьбы з пратэстамі і рэвалюцыяй.

Палітычны крызіс, абвал электаральнай падтрымкі, дэфіцыт легітымнасці змусілі Лукашэнку да арганізацыі маштабнага палітычнага тэрору і чыстак у кіроўным і сілавым апараце. Гэтая працэсы вельмі хутка змянілі характар і спецыфіку функцыянавання палітычнай сістэмы, якая на працягу году перайшла ад нэааўтарытарызма, да неататалітарнай мадэлі.

Неататалітарная мадэль палітычнай сістэмы можа быць ахарактарызавана як сістэма, якая ў выніку абвалу электаральнай падтрымкі вымушана абапірацца на выключна сілавыя метады кіравання, шырокія рэпрэсіі і палітыку тэрору, з інтэнсіўным распаўсюджваннем палітычнага і ідэалагічнага кантролю за ўсімі сферамі грамадскага жыцця, а таксама амаль поўнай ліквідацыі інфармацыйнай і палітычнай аўтаноміі грамадства ўнутры краіны.

Спецыфікай неататалітарнай сістэмы, якая паволі афармляецца ў Беларусі, з’яўляецца адсутнасць мэтанакіраванага фізічнага вынішчэння ідэалагічных праціўнікаў і таксама адсутнасць палітычнай трансфармацыі адзінкі. Ў Беларусі, на дадзены момант застаецца магчымасць для асабістай аўтаноміі індывіда ў ягонай дзейнасці. Трэба зазначыць, што індывідуалізацыя была нечым параўнальным з атамізацыяй грамадства, якое азначала, што асоба павінна займацца выключана сваім справамі, а не цікавіцца палітыкай. На працягу гадоў гэты падыход меў плены.

У сваю чаргу фізічнае вынішчэнне “варожых” элементаў кампенсуецца прымусовай эміграцыяй беларусаў, якая з’яўляецца вынікам рэпрэсій у дачыненні да палітычна пасіянарнага класу беларусаў, якія ў той ці іншай форме ўдзельнічалі ў пратэстах 2020 году. Паводле розных дадзеных за год пасля выбараў з краіны з’ехала больш за 100 тыс., чалавек [13]. І гэта не гледзячы на ўвядзенне абмежаванняў па выезду за мяжу. Такім чынам, рэжым Лукашэнка даволі паспяхова вырашае задачу па ліквідацыі найбольш актыўнай часткі насельніцтва, якое магло б спрыяць далейшай дэстабілізацыі сістэмы. У сваю чаргу эміграцыя з’яўлецца непасрэдным наступствам палітычнага тэрору ў краіне.
Толькі ў першыя поўгады пасля выбараў у Беларусі было затрымана каля 30 тыс., чалавек [14]. На кастрычнік 2021 году ў краіне налічвалася 881 палітычны зняволены [15]. Аблавы, арышты прыцягваюцца і па сённяшні дзень. Сваей кульмінацыі дзеянні карных ворганаў дасягнулі ў верасні бягучага году, калі пад час штурму, які праводзіла КДБ кватэры аднаго з актывістаў быў забіты гаспадар Андрэй Зэльцер і адзін з нападаючых [16].

Спецыфікай тэрору з’яўляецца іх інфармацыйная і ідэалагічная накіраванасць, што было натуральным для таталітарных сістэм.Пад рэпрэсіі падпадаюць людзі, які не толькі непасрэдна ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту, але ствараюць альтэрнатыўны інфармацыйны кантэнт, дзеляцца інфармацыяй (яка ўладамі акрэсліваецца як экстрэмісцкая), крытыкуюць рэжым, альбо супрацоўнікаў сілавых структур у сацыяльных сетках. Так, напрыклад толькі пасля забойства Андрэя Зельцэра было затрымана 136 чалавек, якія каментавалі гэтую падзею і асуджалі дзеянні КДБ. На 23 кастрычніка 2021 году 218 тэлеграм каналаў і чатаў у Беларусі прынзнаныя ўладай як экстрэмісткія [17].

Такім чынам улады імкнуцца знішчыць камунікатыўнаю сетку ўнутры грамадства, і паралізаваць магчымасці аператыўнай перадачы інфармацыі ўнутры Беларусі. Паралельна з гэтым знішчаюцца ўсе больш менш незалежныя электронныя СМІ і ўводзіцца блакада на доступ да інфармацыйных старонак, якія знаходзяцца па-за межамі краіны.

На працягу 2020 і 2021 году ў значнай ступені змянілася структура палітычнай сістэмы і характар яе функцыянавання.

Перш за ўсе павысілася роля сілавікоў у працэсе прыняцця ключавых палітычных і адміністрацыйных рашэнняў. Былі ўведзены функцыі ўпаўнаважаных па Берасцейскай, Гарадзенскай, Менскай абласцях, на якія былі прызначаныя былыя кіраўнікі сілавых ведамстваў. Фактычна было ўведзена аператыўнае калектыўнае кіраванне краінай праз наданне надканстытуцыйных функцый Радзе Бяспекі, якая пераўтварылася ў ценявы ўрад [18]. Сілавікі таксама паступова ўключаюцца ў структуры кіравання акадэмічнымі ўстановы, дзеля нейтралізацыі любых формаў незадаволенасці. На прыклад, былы камандзір атраду спецыяльнага прызначэння КДБ “Альфа”, генерал Алег Чарнышоў быў прызначана намеснікам старшыні прэзідыюма Нацыянальнай Акадэміі Навук. Гэтыя працэсы сведчаць пра фарміраванне новага кіроўнага класа.

Варта адзначыць, што рэжым Лукашэнкі, як гэта ўласціва таталітарным сістэмам, распачаў маштабнае наступленне на публічную інтэлектуальную сферу. Цяжка сказаць, ці гэта спроба сфарміраваць прастору аднатыпнага мыслення і інтэлектуальнай нікчэмнасці грамадства. Хутчэй, улады імкнуцца знішчыць усе крыніцы фарміравання альтэрнатыўнага светапогляду, разбіць інтэлектуальныя эліты, якія ў той ці іншай ступені ствараюць моцны духоўны фундамент для перамен. Дзеля гэтага вядомых беларускіх інтэлектуалаў, пісьменнікаў, аналітыкаў, публіцыстаў змушаюць да выездаў за мяжу, альбо кідаюць у вязніцы, як у выпадку з аналітыкам Валерыяй Касцюговай і філосафам Уладзімірам Мацкевічам.

Дэфіцыт грамадскай падтрымкі, крызіс легітымнасці змусіў Лукашэнка адмовіцца ад правядзення выбараў у мясцовыя рады ў 2021 годзе і ў Парламент у 2022 годзе, якія з’яўляліся элементамі маніпулятыўнай легітымацыі сістэмы. Але ва ўмовах крызісы нават фармальныя псеўдадэмакратычныя інстытуты сталі небяспечнымі для сістэмы.

На працягу 2020-2021 году адбыліся чысткі ў ва ўсіх дзяржаўных установах, ад універсітэтаў і школ, да дзяржаўнага апарату. Звальняліся ўсе, хто хоць неяк праявіў нелаяльнасць да існуючага рэжыму. Адначасова ўводзіўся палітычны і ідэалагічны кантроль, узмацніліся патрабаванні ў дачыненні да тых, хто хацеў бы працаваць на дзяржаўнай пасадзе. Быў уведзены механізм спецыяльных характарыстык, ў якіх павінна ўтрымлівацца інфармацыя пра палітычныя схільнасці той, ці іншай асобы [19].

Пашыраючы палітычны кантроль над грамадствам і ягонымі структурамі ўлада імкнецца забяспечыць падпарадкаванне і лаяльнасць на далёкую перспектыву.

Канчаткова новая структура палітычнай сістэмы павінна быць аформлена праз змены ў канстытуцыі, якія рыхтуюцца дыктатарам і ягоным атачэннем. Ключавым момантам будзе атрыманне Лукашэнкам магчымасці займаць пасаду кіраўніка краіны без удзелу ў прэзідэнцкай кампаніі 2025 году, дзякуючы ўвядзенню ў структуру дзяржаўнай сістэмы такога інстытута як Усебеларускі Народны Сходу. Гэты інстытут можа атрымаць функцыю па прызначэнню прэзідэнта, альбо вышэйшага кіраўніка краіны. Магчыма, што ў межах „новай канстытуцыі” будзе акрэслены механізм транзіту ўлады ў межах адной сям’і.

Новы палітычны лад, які аформіўся ў Беларусі на працягу 2020-2021 застанецца нязменным да моманту пакуль Лукшэнка будзе знаходзіцца пры ўладзе. Кіроўны клас вельмі добра разумее, што дабіцца згоды ў грамадстве і вырашыць палітычны крызіс у Беларусі немагчыма. Любое паслабленне тэрору можа прывесці да палітычнага выбуху. Гэта азначае, што палітыка тэрору будзе працягвацца, як і ўзмацненне таталітарных тэндэнцый, што вельмі негатыўна адаб’ецца на эканамічным, культурным і сацыяльным развіцці Беларусі.

[1] В. Ровдо, Специфика и эволюция политического режима Республики, – https://eprints.lib.hokudai.ac.jp/dspace/bitstream/2115/39435/1/ASI21_007.pdf

[2] «Хочется дождаться перемен». Беларусь через год после выборов, https://belsat.eu/ru/news/11-08-2021-hochetsya-dozhdatsya-peremen-belarus-cherez-god-posle-vyborov/

[3] Мы просто берегли людей – Лукашенко сравнил влияние пандемии с ситуацией середины 1990-х, https://www.belta.by/president/view/myprostoberegliljudejlukashenkosravnilvlijaniepandemiissituatsiejserediny-1990-h-392183-2020/

[4] В. Карбалевич, “Белоруссия и Россия: общества и государства”, 1998 год https://www.yabloko.ru/Themes/Belarus/belarus-34.html

[5] Белорусских депутатов избили в зале парламента, https://gazeta.ua/ru/articles/history/_belorusskihdeputatovizbilivzaleparlamenta/1025575

[6] Референдум-1996. Как Лукашенко обвел парламент вокруг пальца, https://naviny.online/article/20161123/1479880119-referendum-1996-kak-lukashenko-obvel-parlament-vokrug-palca

[7] Там жа

[8] Там жа

[9] Идеология белорусского государства, – http://bgtk.by/?page_id=119

[10] В суде подтвердили задержание бизнесмена Юрия Чижа, https://reform.by/265980-jurijachizhaotpravilinasudebnopsihiatricheskujujekspertizu

[11] Репрессии во время кампании по выборам Президента Республики Беларусь (день выборов 19 марта 2006 года), – http://spring96.org/ru/news/10189

[12] Ограничение политических и гражданских прав граждан после президентских выборов 2010 года, https://www.fidh.org/IMG/pdf/rapport_Belarus_RUS_web.pdf

[13] Сколько белорусов могли за год уехать из страны, – https://thinktanks.by/publication/2021/08/25/skolko-belorusov-mogli-za-god-uehat-iz-strany.html

[14] Тридцать тысяч задержанных за время протестов в Беларуси, https://www.svoboda.org/a/30965038.html

[15] Праваабарончы цэнтр «Вясна», https://prisoners.spring96.org/ru#list

[16] В Минске похоронили IT-менеджера Андрея Зельцера. Власти обвиняют его в убийстве сотрудника КГБ, https://www.bbc.com/russian/news-58818181

[17] В Беларуси обновлен список экстремистских Telegram-каналов, https://euroradio.fm/ru/v-belarusi-obnovlen-spisok-ekstremistskih-telegram-kanalov

[18] Декрет от 9 мая 2021 года № 2 „О защите суверенитета и конституционного строя https://president.gov.by/ru/events/podpisandekretozashchitesuverenitetaikonstitucionnogostroya

[19] Совмин установил форму характеристики руководящих кадров и работников организаций, https://www.belta.by/society/view/sovminustanovilformuharakteristikirukovodjaschihkadrovirabotnikovorganizatsij-465512-2021/

***

This text is published as part of the project „RAZAM-RAZEM-ZUZAM” implemented by the Foundation for Polish-German Cooperation, and financed by the Ministry of Foreign Affairs of the Federal Republic of Germany.