Палітычная трансфармацыя і ўмовы для паспяховай дэмакратызацыі Беларусі

Беларускі народ чакае доўгі і складаны шлях да дэмакратыі са шматлікімі выклікамі, пераадольванне якіх будзе патрабаваць глыбокай мабілізацыі і свядомай грамадзянскай актыўнасці большасці насельніцтва. Гэтая актыўнасць і дзейнасць будзе неабходна не толькі для адхілення ад улады аўтарытарнага кіраўніцтва, але перш за ўсе дзеля дасягнення паспяховай дэмакратызацыі дзяржаўнай сістэмы праз палітычныя і эканамічныя рэформы.

Пасля змены рэжыму ў Беларусі прынцыпова важным з’яўляецца недапушчэння скатвання дзяржавы і грамадства ў  перманентны працэс  трансфармацыі і ўнутранай палітычнай турбулентнасці, як гэта ў рознай ступені адбываецца ў Грузіі, Малдове і Украіне. Хвалі крызісаў і ўнутраных канфліктаў у гэтых постсавецкіх краінах фармуюць пэўныя палітычныя страхі ў свядомасці беларусаў і недавер да перамен у цэлым. У сваю чаргу страхі, стэрэатыпы таксама выкарыстоўваюцца рэжымам Лукашэнкі для маніпуляцыі свядомасцю грамадзян, нібы перамены абавязкова прывядуць да негатыўных вынікаў і сістэмнай дэстабілізацыі, а магчыма і войнаў. Тым не менш, нельга ігнараваць наяўнасці такой рызыкі для Беларусі, калі новая ўлада ўвязне ў карупцыі і ўнутраных інтрыгах. У сваю чаргу працэс перманентнай трансфармацыі (інстытуцыянальны параліч, ратацыі ўрадаў)  будзе ўтрымліваць Беларусь у “шэрай зоне”[1], а сацыяльна-эканамічныя і палітычныя крызісы створаць пагрозу аўтарытарнага рэваншу.
На працэс паспяховай трансфармацыі і дэмакратычнай кансалідацыі будзе ўплываць шмат знешне і ўнутрыпалітычных фактараў. Ключавымі з’яўляюцца: 1. Стан палітычнай сістэмы ў Беларусі; 2. Сітуацыя ўнутры грамадства і апазіцыі; 3 Геапалітычная сітуацыя ў момант змены ўлады і  трансфармацыі.
Згаданыя вышэй фактары ў значнай ступені будуць акрэсліваць тое, ці ў Беларусі сапраўды адбудзецца пераход ад аўтарытарнага праўлення да стабільнай дэмакратычнай сістэмы, альбо ў краіне пройдуць працэсы якія абмяжуюцца ўнутрыаўтарытарным транзітам улады.
Перад усім паспяховасць трансфармацыі будзе залежыць ад палітычнай адказнасці і спеласці дэмакратычных элітаў і грамадства. З аднаго боку, абуджэнне грамадства ў 2020 годзе стварае спадзяванні на тое, што ў насельніцтва будзе захоўвацца вялізарнае запатрабаванне на дэмакратыю заходняга ўзору, а не на расійскую “суверэнную дэмакратыю”[2]. З іншага, беларускае грамадства ўсцяж знаходзіцца на этапе нацыянальнай кансалідацыі і асэнсавання свайго геапалітычнага быцця, палітычных каштоўнасцяў, а таксама разумення таго, якой павінна быць краіна.
Тыя сацыялагічныя апытанні, які спрабуюць праводзіць незалежныя аналітычныя цэнтры паказваюць даволі складаны і неадназначны сацыяльна-палітычны ландшафт Беларусі.
На прыклад, паводле дадзеных цэнтра палітычных даследаванняў Chatham House на лета 2021 году  56% апытаных беларусаў пазітыўна ставяцца да постаці Уладзіміра Пуціна, 17% – нейтральна, 27% – негатыўна. 32% грамадзян выступае за інтэграцыю з Расеяй, толькі 9% з ЕС. 11% выступаюць за цесны інстытуцыянальны саюз з Расейскай Федэрацыяй, а 7% за ўваход у склад РФ (калі перанесці гэта на ўсе насельніцтва краіны, якія маюць права голасу, то лічба можа складаць да 300 тыс. чалавек), 44% беларусаў выступае за сціслую эканамічную інтэграцыю з Расеяй. Каля 60% апытаных  лічаць, што пасля змены ўлады Беларусь павінна заставацца ў АДКБ.[3] Гэтыя апытанні паказваюць наколькі няясным з’яўляецца бачанне будучыні ўласнай краіны з боку большасці грамадзян, што сведчыць пра слабую артыкуляцыю нацыянальных інтарэсаў і дэмакратычных каштоўнасцяў у свядомасці беларусаў.
Больш таго, вынікі апытання сведчыць і пра тое, што ў часткі беларускага грамадства ўсцяж існуе запатрабаванне на аўтарытарызм. Магчыма, што падобны стан свядомасці звязаны з унутранай патрэбай стабільнасці і прадказальнасці  ў палітычных і эканамічных працэсах. На такіх ментальных схемах будуецца вера ў тое, што моцная аўтарытарная ўлада і лідарства, а не нармальна функцыянуючыя дзяржаўныя інстытуты, з’яўляюцца гарантыяй усеагульнага  дабрабыту насельніцтва. Адсюль бярэцца міфалагізаваны погляд на Пуціна і Расею, як прагрэсіўны аўтарытарызм. Такое бачанне можа будавацца на пачуцці ўласнага дзяржаўнага правінцыялізма, недахопу веры ў тое, што Беларусь самадастатковая дзяржава.
Ужо зараз можна сказаць, што палітычная трансфармацыя ў Беларусі будзе адбывацца ў складаных сацыяльных і палітычных умовах і тое, якім будзе канчатковы вынікі дадзенага працэс прадбачыць немагчыма. Дакладна, што без глыбінных зменаў у палітычнай культуры і свядомасці беларусаў ажыццявіць сістэмныя перамены будзе даволі цяжка, асабліва калі ўлічваць узмоцнены працэс інтэграцыі з Расеяй.
Сыходзячы з таго, якім чынам развіваецца сітуацыя ў Беларусі, можна акрэсліць наступныя сцэнарыі палітычных зменаў у Беларусі і іх магчымыя вынікі ў перспектыве некалькіх год.

І. Сцэнары пераменаў
1. Геапалітычныя рамкі палітычных пераменаў
Не выклікае сумневу, што ў бліжэйшыя гады геапалітычнае палажэнне Беларусі будзе акрэсліваць характар і сутнасць палітычных зменаў. Чым глыбей краіна будзе пагружацца ў інтэграцыйныя праекты з Расіяй, тым менш шанцаў на тое, што ў Беларусі адбудуцца зрухі дэмакратычнага характару. Ужо зараз геапалітычнае палажэнне рэспублікі вельмі небяспечнае і не спрыяе хуткім палітычным пераменам у краіне, больш таго фармат адносін з Расейскай Федэрацыі стварае ўмовы для кансервацыі аўтарытарнай сістэмы.
Як паказалі падзеі 2020 году Масква застаецца галоўным суб’ектам, які наўпрост уплывае на палітычныя працэсы ўнутры Беларусі. Эканамічны, палітычны і вайсковы саюз з Расеяй дае апошняй неабмежаваныя магчымасці для наўпроставага ўмяшальніцтва ў справы Беларусі. Агульныя тэндэнцыі апошніх месяцаў сведчаць пра тое, што Масква зацікаўлена ў максімальным аслабленні суверэнітэту рэспублікі. У сваю чаргу, у межах функцыянальнай саюзнай дзяржавы дэмакратызацыя Беларусі не можа адбыцца ў прынцыпе нават калі Лукашэнка будзе вымушаны сысці са сваей пасады.
Сёння для расейскага кіраўніцтва важным з’яўляецца захаванне сваіх уплываў у Беларусі, што магчыма толькі пры наяўнасці ў краіне аўтарытарнага рэжыму. Безумоўна, Крэмль можа быць зацікаўлены ў змене кіраўніка (транзіце ўлады), але не ў дэмакратызацыі дзяржавы (трансфармацыі сістэмы). Масква мае ў сваіх руках велізарныя рэсурсы для рэалізацыі ўнутрыаўтарытарнага транзіту ўлады, але Крэмль не ўпэўнены ў тым, што да канца зможа кантраляваць працэс пераходу ўлады ўнутры сістэмы ва ўмовах палітычнага крызісу ў Беларусі, без небяспечных зрухаў у грамадстве, таму не спяшаецца ісці на такія радыкальныя крокі.
Калі дапусціць, што сыход Лукашэнка адбудзецца на працягу наступных 5 год, то Крэмль можа падтрымаць любы сцэнар транзіту ўлады, які захавае аўтарытарны рэжым у краіне, які ў сваю чаргу будзе арыентавацца на Расеію і бараніць яе стратэгічныя інтарэсы ў Беларусі. Вынікам транзіту ўлады адаптаванага пад чаканні Масквы павінна быць:
Шчыльнасць і інтэгральнасць вайскова-стратэгічных сістэмаў (Рэгіянальная групоўка войскаў, Аб’яднаная сістэма супрацьпаветранай абароны), размяшчэнне новых вайсковых аб’ектаў/базаў, вайсковага кантынгенту ў Беларусі);
Эканамічная залежнасць, прыватызацыя буйных прадпрыемстваў, умацаванне расейскіх алігархічных груп у Беларусі;
Фармаванне моцных прарасейскіх палітычных суб’ектаў у Беларусі (партый і арганізацый, якія могуць актыўна ўдзельнічаць у палітычных працэсах у Беларусі ў перыяд транзіту);
Працяг дэнацыяналізацыі ключавых палітычных і сацыяльных інстытутаў, а таксама структур дзяржаўнай бяспекі, якія і на сённяшні дзень цяжка назваць нацыянальнымі [4].
У перыяд транзіту ўлады ў Беларусі Расея можа рэалізаваць два сцэнары:
Прамы палітычны кантроль (магчымы ў доўгатэрміновай перспектыве, ва ўмовах дынамічнага развіцця інтэграцыйных працэсаў):
Дадзены варыянт абумоўлівае стаўку на прарасейскія кіроўныя эліты ў Беларусі, фактычна прызначэнне фігуры прэзідэнта. Правадніком расейскіх інтарэсаў можа стаць часовы пераходны ўрад, які сфарміруецца на базе Рады Бяспекі. Апошняя ўжо атрымала надзвычайныя паўнамоцтвы і можа самастойна рэалізоўваць тую ці іншую палітыку пад час пераходу ўладных паўнамоцтваў [5]. Пры гэтым працэс можна кантралявацца і падтрымлівацца наднацыянальнымі ворганамі Саюзнай Дзяржавы і нават расейскай вайсковай прысутнасцю, якая можа пашырыцца на працягу наступных год. Прастора для палітычнай актыўнасці будзе заставацца абмежаванай, а наступным “прэзідэнтам” можа быць абраны альбо прадстаўнік клану Лукашэнкі (Азербайджанскі варыянт), альбо чалец наменклатурна-вайсковой групоўкі (Узбекскі варыянт). Такая канфігурацыя будзе спрыяць інтэнсіўнаму распаду беларускай дзяржаўнасці і вычэрпванню сацыяльна-эканамічных рэсурсаў краіны.
Ускосны кантроль, магчымы ва ўмовах захавання інтэграцыйнага status quo (Армянскі сцэнар )
Гэты сцэнар прадугледжвае мяккі аўтарытарны транзіт, які забяспечвае гарантыі захавання расейскай стратэгічнай прысутнасці ў Беларусі, пакідае Беларусь у ключавых геапалітычных праектах АДКБ, ШОС, Саюзе з Расеяй пры паслабленым кантролі за ўнутрыпалітычнымі працэсамі. Такі сцэнар можа спрыяць больш шырокай палітычнай аўтаноміі для грамадзянскай супольнасці, што стварае ўмовы (хаця вельмі абмежаваныя) для кампрамісу паміж апазіцыяй і кіроўнай наменклатурай. Гэта не выключае ўмоўна дэмакратычнага прадстаўніцтва ў парламенце і мясцовых радах, але без сістэмнай дэмакратызацыі дзяржаўных інстытутаў. У сваю чаргу, такі варыянт будзе патрабаваць суцэльнай згоды апазіцыйнага руху на наменклатурную фігуру ў якасці прэзідэнта, падкантрольную Маскве. Разам з тым будзе рабіцца ўпор на далейшы дэмантаж нацыянальнага фундаменту і дзяржаўнасці. Фактычна ўсталёўваецца гібрыдны рэжым, с моцнымі прарасейскімі алігархічнымі ўплывамі. Рэалізацыя антынацыянальнай палітыкі, будзе падрываць сацыяльна-культурныя ўмовы і магчымасці для фарміравання моцнага антрырасейскага руху, а хуткая зліццё беларускіх і расейскіх інтарэсаў, пашырэнне карупцыі, абумовіць далейшую дэградацыю Беларусі.
У сваю чаргу, нацыянальная рэвалюцыя ва ўмовах інтэграцыі з Расеяй на маю думку немагчыма, гэта прывядзе да імгненнай інтэрвенцыі з боку Масквы. Фактычна падобная сітуацыя стварылася адразу пасля выбараў 2020 году, калі Пуцін заявіў пра фарміраванне вайсковага рэзерву, які мог быць выкарыстаны ў Беларусі ў выпадку актыўных дзеянняў пратэстоўцаў [6]. Іншым выклікам для нацыянальнай рэвалюцыі і дэмакратычнага транзіту ўлады з’яўляецца моцная арыентацыя сілавога і наменклатурнага блокаў на Маскву. Па сутнасці яны гатовы хутчэй падтрымаць прысутнасць  Расеі ў Беларусі і абмежаванне суверэнітэту, чым нацыянальную рэвалюцыю.
Такім чынам аўтарытарная Расея будзе заўсёды з’яўляцца цывілізацыйным выклікам для Беларусі і будзе імкнуцца выкарыстаць перамены ў краіне ў сваіх інтарэсах.
У рэчаіснасці хуткія і пазітыўныя змены могуць адбыцца пры аслабленні эканамічнай і стратэгічнай залежнасці ад Расеі, што магчыма:
А. Пры вельмі хуткім палітычным транзіце ўлады ў Беларусі, да якога Масква не будзе прыгатавана;
В. Пры ўнутрыпалітычнай і эканамічнай турбуленцыі ў самой Расеі, калі ўласныя праблемы (крызіс) вымусяць Маскву аслабіць свае ўплывы на Беларусь;
Так ці інакш, для таго каб выкарыстаць тую, ці іншую сітуацыю ў інтарэсах Беларусі і запусціць працэс палітычнай трансфармацыі неабходны кансалідаваны нацыянальна-дэмкратычнычны фронт, які абапіраецца на шырокую падтрымку грамадства.
На дадзеным этапе дэмакратычная супольнасць Беларусі павінна сканцэнтраваць сілы на тармажэнні пашырэння ўплываў Расеі ў рэспубліцы. Ізноў, дзеля гэтага неабходна:
агульная нацыянальная кансалідацыя беларускага грамадства і апазіцыі. Спробы “спадабацца” Крамлю, атрымаць падтрымку не будуць спрыяць узмацненню пазіцыі новай апазіцыі;
фармаванне, з аднаго боку антырасейскіх, а з другога праеўрапейскі  настроеў і арыентацый у беларускім грамадстве;
сістэмная падтрымка з боку Захаду (ЕС у прыватнасці) для развіцця беларускіх нацыянальных інстытутаў і супрацьдзеянне для пашырэння саюзнай інтэграцыі на міжнародным узроўні. У рэшце для Еўропы Беларусь павінна стаць геапалітычным прыярытэтам;
Апошні тэзіс павінен быць вуглавым камянём ў агульнай стратэгіі Еўрапейскага саюзу ў дачыненні да Беларусі незалежна ад таго, як будуць разгортвацца падзеі ўнутры краіны.
2. Палітычная сістэма ў перыяд транзіту ўлады
Характар і напрамак палітычных зменаў безумоўна залежыць ад таго ў якім стане будзе знаходзіцца палітычны рэжым і кіроўная эліта. Унутраная кансалідацыя ўлады будзе акрэсліваць здольнасці сістэмы супрацьстаяць пераменам, у сваю чаргу распад дзяржаўных структур змусіць кіроўную групы шукаць кампраміс і ісці на саступкі грамадству. Палітыка рэжыму, якая акрэслілася зараз шмат у чым будзе фарміраваць і характар зменаў у будучым. Працяг рэпрэсій, тэрор, беспраў’е паглыбіць супярэчнасці ў грамадстве, узмоцніць градус узаемнай нянавісці і схільнасці да гвалту, што можа стварыць умовы для радыкальна рэвалюцыйных зломаў у краіне і доўгае палітычнае супрацьстаянне ў грамадстве пасля таго, як палітычны кантроль пачне аслабляцца.
Канешне стабільнасць сістэмы рэч умоўная, есць шэраг фактараў якія немагчыма прадбачыць, і якія могуць змяніць змест палітыкі і палітычных адносін у Беларусі. Сярод такіх фактараў можа быць раптоўная хвароба Лукашэнкі,  ягоны раптоўны зыход, вайсковы пераварот у Беларусі, сістэмныя праблемы ў Расеі, пашырэнне знешнепалітычнай канфрантацыі і г.д.
У дадзеным тэксце даецца ацэнка таму як будзе развівацца сітуацыя сыходзячы з сённяшніх палітыка-псіхалагічных умоў унутры кіроўнай эліты і грамадства.
Тыя акалічнасці, якія склаліся ў Беларусі цяпер, даюць падставы сцвярджаць, што Лукашэнка не збіраецца дабравольна адмаўляцца ад улады ў бліжэйшы час, а наадварот будзе рабіць усе магчымае каб не толькі захаваць свае пазіцыі, але і перадаць кіраванне каму-небудзь са свайго атачэння, магчыма малодшаму сыну Мікалаю. Дзеля гэтага яму неабходна стварыць такія структуры кіравання, якія забяспечыць стабільнасць ягонай улады і стабільнасць сістэмы на доўгі час, прынамсі на 7-10 год. Палітычны крызіс падштурхнуў Лукашэнку і ягонае атачэнне да глыбокіх трансфармацый у функцыянаванні рэжыму ў кірунку таталітарызму, са знішчэннем грамадзянскай аўтаноміі.
Разам з гэтым адбылася ўнутраная кансалідацыя вышэйшай наменклатуры і сілавікоў. Гэта новая палітычная эліта коштам развіцця дзяржавы і грамадства будзе забяспечваць сваю ўладу і імкнуцца да захавання пераемнасці ў аўтарытарным лідарстве. Злачынствы, якія ўчыняе кіроўная група падштурхоўвае да яшчэ большай кансалідацыі і большых рэпрэсій, бо толькі ўтрыманне ўлады з’яўляецца гарантыяй іх бяспекі і беспакаранасці. Іншымі словамі, захавання неататалітарнай сістэмы – гэта псіхалагічная патрэба тых людзей, якія рэалізуюць і абслугоўваюць сённяшні рэжым. Гэта таксама азначае, што на дадзеным этапе гэтая група не гатовая ісці ні на якія кампрамісы ў бліжэйшай будучыні.
Сыходзячы з гэтага палажэння ўнутры палітычнай сістэмы можна акрэсліць наступныя сцэнары аўтарытарнага транзіту ўлады:
А. Кланавы транзіт. Утрыманне ўлады ўнутры кіроўнай эліты. Мэта – захаваць персаналістамі рэжым і кансалідаваную ўладу ў руках сыноў Лукашэнкі Віктара ці Мікалая. Дзеля гэтага ўносяцца адмысловыя папраўкі ў канстытуцыю (2022-2023 год), якія павінны забяспечыць знаходжанне Лукашэнкі-старэйшага пры ўладзе на наступны 5-7 год, з магчымасцю прыгатаваць унурыкланавы транзіт. Такі пераход магчымы выключна пры працяглым захаванні ўлады ў руках дзейснага дыктатара і персанальнай адданасці наменклатурна-сілавога апарату сям’і;
В. Вайскова-наменклатурны транзіт (Узбекскі варыянт) прадугледжвае абмежаванне ўплываў сям’і, альбо адхіленне яе ад улады (пасля сыходу Лукашэнкі) і канцэнтрацыі ўсіх палітычных і эканамічных інструментаў у руках групы вышэйшых чыноўнікаў і сілавікоў. Новы рэжым будзе працягваць практыкі папярэдняга, бо гэта асноўная ўмова яго выжывання. Тым не менш, рэалізацыя палітыкі тэрору ў доўгатэрміновай перспектыве немагчыма, а ўмоўная легітымацыя новай улады неабходна для яе стабільнасці. У гэтым выпадку нельга выключаць абмежаванага кампрамісу з апазіцыйным рухам (асобнымі групамі), калі той застанецца ўплывовай сілай у далёка-тэрміновай перспектыве. Зараз цяжка сказаць наколькі глыбокім магчымы такі кампраміс і ці падштурхне ён да сістэмных зменаў, альбо роля апазіцыі будзе абмежавана дэкаратыўнымі палітычнымі функцыямі, без уплыву на працэсы кіравання, асабліва калі яна будзе разбіта на часткі.
У сваю чаргу, чым даўжэй Лукашэнка знаходзіцца пры ўладзе, тым цяжэй будзе адбывацца працэс змены ўлады і дэмакратызацыі краіны, незалежна ад таго які сцэнар транзіту чакае краіну. Працяглае кіраванне Лукашэнка, з аднаго боку будзе, спрыяць далейшай унутранай кансалідацыі сістэмы, вынішчэнню грамадскіх інстытутаў, інтэлектуальнаму, прафесійнаму вычэрпванню беларускага грамадства і агульнай дэградацыі грамадства і эканамічнай сістэмы. З іншага боку, частка грамадства, сацыяльныя групы якія рэалізуюць неататалітарную палітыку будуць суцэльна супрацьстаяць дэмакратычнаму транзіту, забяспечваць кансервацыю сітуацыі і такім чынам прыспешваць негатыўныя тэндэнцыі ўнутры грамадства і гаспадарцы.
Такім чынам узрастаюць эканамічныя і палітычныя кошты перамен. Напрыклад, калі б змены адбыліся ў 2020-2021 годзе, пры наяўнасці вялізарнага псіхалагічнага імпэту, людскога прафесійнага рэсурсу, больш менш стабільнай фінансавай і прамысловай сістэмы і г.д. – рэалізацыя палітычнай і эканамічнай трансфармацыі патрабавала б менш часу і высілкаў (кансалідацыі грамадства) і фінансавых затрат. Пасля 2021 (напрыклад, калі б змены адбыліся ў 2025 годзе), ва ўмовах вымывання інтэлектуальнага і прафесійнага рэсурсу краіны (рухавіка рэформаў), знішчэння грамадскіх інстытутаў, разбурэння эканамічна актыўнага сярэдняга класу, узрост крызісных з’яваў у дзяржаўнай сферы вытворчасці, павелічэння скрытага беспрацоўя і незадаволенасці і г.д. – рэалізацыя сістэмных рэформ будзе патрабаваць большых эканамічна-людскіх затрат, рэсурсаў і, адпаведна, часу. Іншымі словамі, рэфармаваць больш менш стабільную сацыяльную і эканамічную сістэму прасцей, чым сістэму ў стане разбурэння. Нельга не адзначыць, што разбуральны эфект для беларускай гаспадаркі будзе аказваць палітыка санкцыі і эканамічная ізаляцыя Беларусі.
3. Апазіцыя і грамадства: рухавікі пераменаў
Шанец для дэмакратычнага транзіту Беларусі магчымы толькі пры моцнай мабілізацыі і кансалідацыі апазіцыі і грамадства, толькі пры ўмове іх непасрэднага ўдзелу ў палітычных працэсах. На сённяшнім этапе гістарычнага развіцца Беларусі можна заўважыць негатыўныя тэндэнцыі, якія абазначыліся ў беларускім грамадстве і апазіцыі, што сталася вынікам разбуральнай палітыкі тэрору і ўмацавання дзейснага рэжыму.
З цягам часу такія з’явы, як: расчараванне, пасіўнасць, недавер у грамадстве і, канфлікты, сегментацыя, разгубленасць у апазіцыі – пашырацца. Новыя апазіцыйныя структуры былі і застаюцца негатовымі да сістэмнага і доўгатэрміновага супрацьстаяння з рэжымам. Іх дзейнасць застаецца на ўзроўні няўрадавых арганізацыі і партый з трошкі большай міжнароднай прысутнасцю. Разам з тым, калі апазіцыя к моманту транзіту не будзе ўяўляць моцнай кансалідаванай сілы, яна не зможа быць поўнавартасным суб’ектам пераменаў у Беларусі. Есць рызыка, што апазіцыя страціць магчымасць уплыву на працэсы, асабліва, калі не будзе мець шырокай падтрымкі сярод грамадства. Больш таго, адсутнасць глабальнай, адзінай стратэгіі дзеяння і кадравага патэнцыялу зробіць немагчымым паспяховую трансфармацыю ў Беларусі.
На дадзеным этапе, калі ёсць пагроза таго, што палітычны крызіс і супрацьстаянне зацягнуцца на неакрэслены час, перад апазіцыяй стаяць наступныя стратэгічныя задачы:
Унутраная кансалідацыя, захаванне шырокага нацыянальна-дэмакратычнага фронту;
Інстытуцыялізацыя – стварэнне матрыцы палітычных інстытутаў і механізмаў кіравання;
Пашырэнне кадравага патэнцыялу, дзеля магчымасці атрымання і захавання кантролю ў перыяд трансфармацыі на макра- і мікраўзроўнях, з выкарыстаннем дыяспары;
Захаванне шырокай падтрымкі ўнутры Беларусі;
Узмацненне нацыянальнага дыскурсу, дзеля паступовых зменаў у свядомасці насельніцтва Беларусі і пераадольвання фобіяў, звязаных з нацыянальным адраджэннем;
Іншымі словамі, стварэнне і развіццё інстытуцыянальнай матрыцы і канцэнтрацыя высілкаў накіраваных на фармаванне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, на зменаў унутры палітычнай культуры і каштоўнасцях, умацоўвае ідэалагічны і структурны базіс для перамен у будучым. Толькі так, апазіцыя можа захаваць свае палажэнне і быць тым суб’ектам, з якім будзе вымушана лічыцца ўлада ў перыяд транзіту. Толькі так, большасць насельніцтва можа пераўтварыцца ў сацыяльны падмурак для грунтоўных рэформаў.
Ідэальны сцэнар развіцця падзей у Беларусі – прыход да ўлады нацыянальна арыентаванай, прафесійнай і адказанай палітычнай эліты, якая мае чалавечыя і фінансавыя рэсурсы для хуткіх і паспяховых рэформаў. У рэчаіснасці такі сцэнар малаверагодны, тым больш, што ён магчымы толькі пры рэвалюцыйным развіцці сітуацыі і патрабуе адзінага палітычнага фронту і гатоўнасці да радыкальных дзеянняў. Перадумовамі для такога сцэнару могуць быць:
Раптоўны зыход (смерць) Лукашэнкі, калі кіроўная эліта можа знаходзіцца ў разгубленасці. Апазіцыя на працягу аднаго-двух дзён павінна арганізаваць маштабны рэвалюцыйны ціск на кіроўны апарат і змушае яго да саступак;
У выніку змены аўтарытарнага лідара наменклатура змагла ў крытычны момант захаваць уладу, але адсутнасць палітычнай волі (праблема кантролю і моцнага ўпраўлення) можа прымусіць наменклатуру да перамоў з апазіцыяй. У гэтай сітуацыі, дэмакратычны фронт праз масавыя пратэсты і блакады змушае ўлады да дыялогу і цалкам перахоплівае ўпраўленне краінай.
Сыходзячы рэальнай сітуацыі, у далёкай перспектыве можна казаць, пра дзве палітычныя канфігурацыі з удзелам апазіцыі: наменклатурна-апазіцыйны і апазіцыйна-наменклатурны.
А. Наменклатурна-апазіцыйны сцэнар азначае, што наменклатура/сілавікі здолелі ўтрымацца пры ўладзе і захаваць свае пазіцыі, але дзеля таго каб панізіць унутраную напружанасць у краіне, прыдаць легітымнасць свайму кіраванню будзе выкарыстоўваць апазіцыю ў сваіх мэтах. У такіх умовах поўная дэмакратызацыя краіны будзе немагчымай, а рэжым набудзе рысы гібрыднага, алігархічна;
В. Апазіцыйна-наменклатурны сцэнар можа рэалізавацца пры ўмове наяўнасці моцнай уплывовай апазіцыі, якая будзе ў стане змусіць кіроўныя эліты да саступак і кааптаваць частку кіроўнага апарату да новай сістэмы з мэтай захаваць інстытуцыянальную стабільнасць. З аднаго боку выглядае непазбежным, што частка адміністрацыйна-кіроўнага апарату застанецца на сваіх месцах.  У Беларусі каля 200 тыс., дзяржслужачых [7], а апазіцыя пакуль не мае магчымасці сфармаваць уласны абшэрны кіроўны апарат, нават на ўзроўні замяшчэння ключавых пазіцый.  З іншага боку, пры захаванні наменклатурна-карпаратыўных(сілавых) уплываў на вышэйшых прыступках улады,  улічваючы асаблівасці культуры чыноўнікаў такі кампраміс можа затармазіць працэс дэмакратызацыі.
Але ў той ці іншай ступені, сцэнар “В” найбольш канструктыўны і дазволіць пазбегчы радыкальных зломаў у грамадстве і дзяржаве, тым не менш, гэта таксама будзе патрабаваць рэалізацыі такіх механізмаў, якія мінімалізуюць пагрозы сабатажу рашэнняў, карупцыі і аўтарытарнага рэваншу.
Яшчэ раз варта падкрэсліць, што «спакойныя» сцэнары пераходу ад транзіту, да трансфармацыі магчымыя толькі ў выпадку, калі Расея застаецца «назіральнікам» за ўнутрыпалітычнымі працэсамі ў Беларусі. У іншым выпадку, пры любым сцэнары наўрад ці ўдацца пазбегнуць умяшальніцтва Масквы, пытанне будзе толькі ў яго форме.
II. Стратэгія трансфармацыі
На працягу апошніх год розныя апазіцыйны колы распрацоўвалі свае праграмы дзеянняў і шматлікія праекты эканамічных і інстытуцыянальных рэформаў у Беларусі [8]. У дадзеным тэксце будуць акрэслены базавыя напрамкі, без рэалізацыі якіх паспяховая трансфармацыя будзе малаверагодна.
Як ужо адзначалася, стартавым капіталам для рэформаў будзе ўнутраная кансалідацыя і адзінства апазіцыі ў падыходах і метадах рэалізацыі сістэмных зменаў. Гэта дазволіць накіраваць палітычную энергію не на ўнутраныя спрэчкі і канфлікты (перадзел уплываў) а на дасягненне агульных мэтаў і  сацыяльнага дабра. Адзінства таксама будзе гарантаваць шырокую падтрымку грамадства і звузіць прастору для паяўлення палітыкаў-папулістаў. Важна таксама падкрэсліць, што агульная мабілізацыя і калектыўная адказнасць дасць магчымасць сканцэнтраваць кадравы, прафесійны, інтэлектуальны патэнцыял дэмакратычнай супольнасці для вырашэння важных для дзяржавы і грамадства пытанняў. Самае важнае, для рэалізацыі сістэмных зменаў у новых палітычных эліт будзе не так шмат часу, літаральна ад 6 да 12 месяцаў, пасля чаго пачнецца сістэмны крызіс, узмоцняцца супярэчнасці і магчымы аўтарытарны рэванш.
Дэмакратычная супольнасць ужо павінна мець разгорнуты аналіз магчымых сцэнароў падзей у Беларусі [9] і быць псіхалагічна і палітычна, а галоўнае практычна прыгатаванай нечаканае развіццё сітуацыі ў краіне. Таксама ў наяўнасці павінна быць кадравая база, “банк адміністрацыйна-кіроўнага апарату”. Кадравы рэзерв  дае магчымасць гарантаваць стабільнасць кіравання ў цэнтральным апараце і на месцах да моманту выбараў. Адначасова неабходна забяспечыць кантроль над сілавымі структурамі, войскам і спецслужбамі, для захавання ўнутранага кантролю і правапарадку, а таксама дзеля бяспекі дзяржавы перад вонкавымі выклікамі.
Фактычна ўжо зараз апазіцыя магла б сканцэнтраваць сілы на фармаванні сеткавай дзяржавы (альтэрнатыўных прота-дзяржаўных структур), якія б сталі фундаментам для будучай Беларусі [10]
1. Трансфармацыя палітычнай сістэмы будзе адбывацца ў некалькі этапаў. На першым этапе, некалькі месяцаў з моманту змены ўлады неабходна выправіць функцыянаванне ключавых палітычных інстытутаў праз вяртанне дэмакратычнай канстытуцыі (мадэрнізаванай канстытуцыі 1994 года, якая прадугледжвала наяўнасць парламенцка – прэзідэнцкай рэспублікі), правядзенне выбараў ва ўсе ўстановы: парламент, прэзідэнт, мясцовыя саветы. Пры гэтым, улічваючы цяжкасць пераходнага перыяду, рызыка рэваншу альбо сабатажу з боку былой лукашэнкаўскай наменклатуры, сілавікоў, бізнес груп, якія былі набліжаны да Лукашэнкі, частка з іх павінна быць пазбаўлена пасіўнага выбарчага права. Гэта часовае, але неабходная мера ў абмежаванні палітычных правоў, на пераходны перыяд да 5 год, каб пазбегнуць перманентных канфліктаў унутры цэнтральных і мясцовых ворганах улады, карупцыі і г.д. Прыклад Украіны, Грузіі, Малдовы паказвае як хутка дэмакратычныя інстытуты пераўтвараюць у палітычную зброю супраць дэмакратыі і афармляюць алігархічныя ўклады.
2. За гады функцыянавання рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі сфармавалася больш менш кансалідавана наменклатурна-бізнесовая гуппоўка, якая нават зараз рэалізуе свае ўплывы і моцна прывязана да існуючага палітычнага ўкладу. Аляксей Алексін («Энерго-Оил» и ОДО «Белнефтегаз»), Аляксандр Шакуцін чалец Савету Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, Аляксандр Зайцаў «Бремино Групп», Міхаіл Машэнскі СП «Санта-Бремор», ды шмат іншых. Гэта група мае вялізарны палітычны і эканамічны рэсурс, які ў перыяд трансфармацыі будзе выкарыстоўвацца для ўтрымання ўласных уплываў і палітычнага кантролю. Дзеля гэтага пост-лукашэнкаўскі бізнес будзе ствараць, альбо падтрымліваць партыі і арганізацыі, медыя холдынгі, уключацца ў палітычнае ўпраўленне, што можа прывесці да “прыватызацыі” палітыкі і ўтварэння алігархічнай сістэмы. Без прэвентыўных мер у справе абмежавання палітычных уплываў гэтай групоўкі, Беларусь можа патрапіць у сур’ёзны эканамічны і палітычны крызіс, карупцыя і падрыў новых палітычных інстытутаў. Тым больш, што гэты алігархічны бізнес будзе шукаць падтрымку ў Масквы. Менавіта таму і павінны быць уведзены абмежаванні для такіх людзей у палітычнай дзейнасці і фінансаванні палітычных арганізацый на пераходны перыяд.
3. Нельга таксама недаацэньваць і ролю былых працаўнікоў спецслужбаў Беларусі. У Расеі, ігнараванне актыўнасці гэтай групы прывяло да рэваншу ў 2000 годзе і да аднаўленне аўтарытарнай сістэмы на чале з Пуціным. Адпаведна адным з механізмаў забеспячэння працэсу трансфармацыі павінна быць люстрацыя. Яна неабходна, перш за ўсе, для аздараўлення грамадства і адбудавання пачуцця справядлівасці. Але, перад усім вельмі важна, каб людзі, якія прымалі ўдзел у рэпрэсіях, фальсіфікацыях не маглі займаць пасадаў у дзяржаўных інстытутах: судах, пракуратуры, сілавых структурах, інстытутах кіравання і сістэме адукацыі. Канешне, гэта можа спарадзіць дэфіцыт кадраў, але без усебаковай люстрацыі будзе цяжка стварыць  дзейсную прававую сістэму, эфектыўныя інстытуты цэнтральнай і мясцовай улады.
4. Неадкладна павінны быць ліквідаваны пра дзяржаўныя масавыя арганізацыі, такія як БРСМ, БРПО, “Белая Русь”. Гэта датычыцца і інстытуту “дзяржаўнай ідэалогіі”. Небходна суцэльна перагледзіць дзяржаўную палітыку ў сферы СМІ, скасаваць неабмежаваны дзяржаўны кантроль над інфармацыйнай прасторай вярнуць інфрмацыйны плюралізм і ўзмоцніць нацыянальны дыскурс беларускіх СМІ.
5. Для кансалідацыі дэмакратычных інстытутаў неабходна каб адбыліся змены ў палітычнай культуры і свядомасці грамадзян, змяніцца адносіны да палітыкі. А гэта магчыма пры актыўным удзеле ў грамадзян у палітычным жыцці на мясцовым і агульнанацыянальным узроўні.  Гэта актыўнасць будзе выражаецца ў старэнні грамадзянскіх аб’ядннанняў і ініцыятыў, ад камунальных суполак, да бацькоўскіх камітэтаў у школах, адным з элементаў такой актыўнасці з’яўляецца студэнцкае самакіраванне ва ўніверсітэтах. Агульна ў Беларусі павінны быць уведзены акадэміцкія свабоды і забяспечана хуткая інтэграцыя нацыянальнай сістэмы адукацыі ў еўрапейскую.
6. Мэтазгодным з’яўляецца таксама стварэнне Інстытуту Нацыянальнай Памяці, які забяспечыць працэс шырокай дэкамунізацыі і дэсаветызацыі грамадства, забяспечыць захаванне і доступ да архіваў х часоў СССР і кіравання Лукашэнкі. Адпаведна дзейнасць інстытуту будзе накіравана на аднаўленне гістарычнай праўды і даследаванне злачынстваў у дачыненні да беларуска народу.
7. Пазітыўны вынік палітычнай трансфармацыі немагчымы без апоры на нацыянальную свядомасць і дэмакратычныя каштоўнасці большасці беларускага грамадства. Гэта абумоўлівае папулярызацыю нацыянальнай мовы і культуры, паступовае, але сістэмнае ўвядзенне беларускай мовы на дзяржаўны элітарны ўзровень, узмацненне нацыянальнай адукацыі і арыентацыя на пабудаванне нацыянальнай дзяржавы.

Пры актуальным геапалітычным раскладзе, які грунтуецца на агрэсіўнай (імперыяльнай) палітыцы Расеі, будзе немагчымым пазбегнуць канфрантацыі з Масквой, у працэсе палітычных зменаў у Беларусі. Усходняя суседка так, ці інакш будзе дэстабілізуючы ўплываць на тое, што адбываецца ў краіне. Гэта трэба разумець як апазіцыі з грамадствам, там і міжнароднай супольнасці. З аднаго боку, новыя палітычныя эліты могуць будаваць свае адносіны з Расеяй на падставах нейтральнасці і роўных дачыненнях як з Захадам, так і з Усходам, але з іншага боку мець моцныя гарантыі міжнародных арганізацый і структур абароны незалежнасці і  тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі. Разам з гэтым, таксама трэб разумець, тыя краіны, які развіваюцца па-за сістэмай палітычных і эканамічных уплываў і каардынат Еўрапейскага Саюзу, маюць сур’езныя праблемы ў працэсе трансфармацыі і ўмацавання дэмакратычных інстытутаў. Еўрапейскі Саюз стварае моцную прававую і інстытуцыянальную абалонку для пераходу да дэмакратыі, супрацьдзейнічае аўтарытарным і карупцыйным з’явам і змушае кіроўныя эліты да выканання прававых нормаў. Калі казаць пра Беларусь, улічваючы доўгі досвед быцця ў аўтарытарнай рэчаіснасці, слабасць дэмакратычнай і прававой культуры, без арыентацыі на Еўрапейскі Саюз з перспектывай інтэграцыі, без апоры на эканамічную і палітычную дапамогу, паспяхова пераадолець пераход ад аўтарытарызму да дэмакратыі будзе вельмі цяжка.

Усаў Павел

[1] THE END OF THE TRANSITION PARADIGM Thomas Carothers, https://www.journalofdemocracy.org/wp-content/uploads/2012/02/Carothers-13-1.pdf
[2] «Суверенная демократия»: идеология государства или «партии власти»? https://ria.ru/20060719/51553356.html
[3] Chatham House. Результаты социологического опроса, проведенного с 20 по 30 апреля 2021 года. Взгляды белорусов на политический кризис, https://www.chathamhouse.org/sites/default/files/2021-06/2021-06-14-belarusians-views-political-crisis-russian.pdf
[4] Współpraca i integracja militarno – strategiczna pomiędzy Białorusią i Rosją, https://studium.uw.edu.pl/wp-content/uploads/2021/06/BwR_raport2.pdf
[5] ДЕКРЕТ ПРЕЗИДЕНТА РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ 9 мая 2021 г. No 2, О защите суверенитета и конституционного строя. https://pravo.by/document/?guid=12551&p0=Pd2100002&p1=1
[6] Путин заявил о создании резерва силовиков для Белоруссии Подробнее на РБК: https://www.rbc.ru/politics/27/08/2020/5f478b809a7947e8079f1cb7
[7] Лукашенко не предадут? Готовы ли чиновники выступить против него, https://www.dw.com/ru/lukashenko-ne-predadut-gotovy-li-chinovniki-vystupit-protiv-nego/a-57303516
[8] Народнае Антыкрызіснае Кіраванне, https://belarus-nau.org/, Штаб Святланы Ціханоўскай, https://tsikhanouskaya.org/ru/; Праграма «Вольная Беларусь», http://www.bielarus.net/pdf/Program_Bolnaja_Bielarus_internet.pdf
[9] В штабе Тихановской рассказали о шести сценариях развития ситуации в Беларуси, – https://www.currenttime.tv/a/belarus-stsenarii-sobytii-tihanovskaya/30983404.html
[10] Павел Усов, Сетевое государство, http://ceapp.info/2020/10/setevoe-gosudarstvo/.

***

This text is published as part of the project „RAZAM-RAZEM-ZUZAM” implemented by the Foundation for Polish-German Cooperation, and financed by the Ministry of Foreign Affairs of the Federal Republic of Germany.